САМАХО́ДНАЯ АРТЫЛЕРЫ́ЙСКАЯ ЎСТАНО́УКА (САУ),

самаходная ўстаноўка (СУ), артылерыйская гармата на самаходным танкавым шасі або спец. базе, прызначаная для непасрэднага суправаджэння танкавых і мотастралковых падраздзяленняў у баі. Выконвала задачы артыл. падтрымкі рухомых злучэнняў у барацьбе з танкамі, бронемашынамі, агнявымі сродкамі і інш. САУ з’явіліся ў 1-ю сусв. вайну, шырока выкарыстоўваліся ў час 2-й сусв. вайны (СССР, Германія, ЗША і інш.). Мелі гармату калібру 76—203 мм. Падзяляліся па масе на лёгкія (да 20 т), сярэднія (да 40 т) і цяжкія (больш за 40 т); паводле тыпу гармат — на пушкі, гаўбіцы, гаўбіцы-пушкі; па бранявой ахове — на закрытага, паўзакрытага і адкрытага тыпу. З 1960-х г. у сувязі з развіццём самаходнай артылерыі САУ (акрамя процітанкавых і зенітных установак) не выпускаюцца.

Да арт. Самаходная артылерыйская ўстаноўка: 1 — савецкая ІСУ-122 (закрытага тыпу); 2 — нямецкая 88-мм «фердынанд» (закрытага тыпу).

т. 14, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)